Папулярызацыя беларускай мовы
Наша родная беларуская мова – скарбніца, у якую пакаленне за пакаленнем складавалі вопыт сваіх глыбокіх сардэчных пакут і радасцяў. Яна самая надзейная і трывалая сувязь, што аб’ядноўвае былое сучаснасць і будучыню, яднае пакаленні народа ў адно вялікае гістарычнае цэлае. Таму вельмі важна з самага ранняга маленства фарміраваць у дзяцей любоў да роднай мовы, спадчыны сваіх бацькоў.
Сёняшнія дзеці недастаткова чуюць родную мову. Таму ў іх бедны слоўнікавы запас. Іх маўленне знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы. Каб далучыць малятак да беларускай мовы, вельмі важна навучыць іх з павагай ставіцца да роднай мовы, не сароміцца на ёй размаўляць. Вялікае значэнне мае асабісты прыклад дарослых – бацькоў, педагогаў, выхавальнікаў, людзей, якія жывуць побач з імі.
У нашай дашкольнай ўстанове створаны ўсе неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу пэўнага дзіцяці на беларускай мове. Веданне беларускай мовы з’яўляецца абавязковым патрабаваннем да кіраўнікоў і супрацоўнікаў установы дашкольнай адукацыі.
Вельмі эфектыўны і дзейны метад, просты і даступны кожнаму, — чытанне твораў беларускіх майстроў, слова ў арыгінале, на роднай мове і чым больш, тым лепш, толькі пры ім фарміруецца моўнае чуццё, актыўны слоўнік.
Бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове. Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
На кухне хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага гораду, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе у школу, вы убычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.