Бяспечныя паводзіны на лёдзе
З надыходам зімы рэкі і азёры ў Беларусі пакрываюцца лёдам. Таму дарослым і дзецям неабходна памятаць і выконваць правілы бяспечных паводзін на вадаёмах. Чалавек, які праваліўся пад лёд, рызыкуе атрымаць агульнае перахаладжэнне ўсяго арганізма або наогул патануць.
Адносна бяспечным называюць лёд таўшчынёй не менш за 7 см. Ён мае зялёны або блакітна-зялёны колер. Брудны, бура-шэры лёд – звычайна ўжо падталы і нетрывалы. Пры тэмпературы 0 ° С, якая захоўваецца на працягу трох дзён, трываласць лёду зніжаецца на 25%. Варта памятаць, што падчас адлігі на лёд выходзіць небяспечна. Тонкі лёд знаходзіцца ў берагоў вадаёмаў, у раёне перакатаў, у месцах зліцця рэк, на выгінах, каля змёрзлых прадметаў, у месцах зліву ў вадаёмы цёплых і каналізацыйных сцёкаў. Ва ўсіх выпадках, перш чым сысці з берага на лёд, трэба ўважліва агледзецца, намеціць маршрут руху, выбіраючы бяспечныя месцы. Неабходна асцярожнасць на стромкім і слізкім беразе, бо можна скаціцца на лёд. Катэгарычна забараняецца правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Гэта трэба рабіць з дапамогай палкі. Пры руху па змёрзлым вадаёме варта стукнуць палкай па лёдзе наперадзе сябе і па абодва бакі ад сябе некалькі разоў у адно і тое ж месца. Калі на месцы ўдараў вада не з'явілася, значыць лёд надзейны. У адваротным выпадку трэба неадкладна спыніцца і павярнуць назад. Рухацца варта па сваіх жа слядах, не спяшаючыся, не адрываючы ступні ад лёду (слізгальным крокам). Пры руху назад працягваць правяраць лёд палкай.Калі ўсё ж чалавек праваліўся пад лёд, неабходны наступныя дзеянні:
Не варта панікаваць. Выратаванне на 90% залежыць ад упэўненасці і псіхалагічнага стану. Калі паблізу ёсць людзі, трэба паклікаць іх на дапамогу.
Старацца не сыходзіць пад ваду з галавой.
Перасоўвацца неабходна да таго боку палонкі, адкуль ідзе плынь. Дабраўшыся, паспрабаваць налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбрацца на лёд.
Калі асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, трэба адпаўзці або адкаціцца далей ад палыну да бяспечнага месца, рухаючыся зваротна па сваіх слядах.
Выбраўшыся на сушу, неабходна зняць і выціснуць прамоклую вопратку. Рэкамендуецца рухацца, рабіць сілавыя практыкаванні, па магчымасці развесці вогнішча.
Аказваючы дапамогу чалавеку, які праваліўся пад лёд, трэба быць асцярожным удвая, бо можна праваліцца самому. Таму паўзці да палонкі трэба асцярожна, раўнамерна размяркоўваючы вагу цела па паверхні. Выратавальны сродак трэба штурхаць перад сабой. Наблізіўшыся на максімальна магчымую бяспечную адлегласць, працягнуць пацярпеламу палку або кінуць вяроўку, затым паспрабаваць выцягнуць яго і адцягнуць у бяспечнае месца. Калі пацярпелы не дыхае, трэба аказаць першую медыцынскую дапамогу: зліць ваду з лёгкіх і зрабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.
Ва ўсіх выпадках неабходна абавязкова выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.
НІА
па матэрыялах сайта
Міністэрствы па надзвычайных сітуацыях
Рэспублікі Беларусь